Тэатр: рэпрэсіі, турбулентнасць і абнуленне

Увосень 2024-га айчынны тэатр уступіў у свой пяты турбулентны сезон. Эмацыйныя арэлі сталіся рэальнасцю, правілы гульні нібыта вызначаныя, але працягваюць змяняцца ў працэсе. Канкрэтныя лічбы кадравай чысткі, змена ўлады ў Акадэміі мастацтваў і адмова ў фінансаванні эмігранцкіх праектаў – у нашым аглядзе.

У Беларусі

Вясна – лета 2024 году – час, калі навіны пра звальненні дырэктараў і мастацкіх кіраўнікоў тэатраў зрабіліся рэгулярнымі. З красавіка да верасня пасады страцілі мастацкія кіраўнікі віцебскага тэатру “Лялька” (Віктар Клімчук) і Опернага (Валянцін Елізар’еў), галоўны рэжысёр Моладзевага (Андрэй Гузій), дырэктары сталічных і гомельскіх лялек (Дзмітрый Сямёнаў і Дзмітрый Гарэлік), а таксама РТБД (Святлана Карукіна). З іх толькі Сямёнаў пайшоў на павышэнне – у Мінскі гарвыканкам, астатнія сыходзілі на пенсію або ў невядомасць.

Узнікае лагічнае пытанне пра маштаб такіх звальненняў. Для гэтага нашая Аналітычная група правяла невялікае даследаванне. Былі параўнаныя 2020 і 2024 гады з гледзішча колькасці дырэктараў, а таксама мастацкіх кіраўнікоў і/ці галоўных рэжысёраў (у нейкіх тэатрах ёсць хтосьці адзін з іх, у іншых – абодва), якія захавалі з таго часу свае пасады.

Вынікі наступныя. У Беларуcі на гэты момант існуюць 28 тэатраў. З іх згаданае кіраўніцтва цалкам засталося толькі ў шасці: у трох сталічных (Горкаўскі, Кінаактора і Арміі), адным абласным (Гродзенскім лялечным) і двух рэгіянальных (пінскім і слонімскім). Калі казаць асобна паводле катэгорыяў, у 12 тэатрах засталіся дырэктары, толькі ў 10 – мастацкія кіраўнікі і/ці галоўныя рэжысёры.

Натуральна, не ўсе прыклады звязаныя з палітыкаю. Напрыклад, два дырэктары памерлі, хтосьці выходзіў на пенсію праз стан здароўя і г. д. Але глабальна мы сталіся сведкамі кадравае рэвалюцыі, што відавочна не пайшла тэатру на карысць. Ніхто з навічкоў не прывёў сваіх калектываў да росквіту і прарыву. Калі пры іх сітуацыя не пагоршылася, гэта ўспрымаецца як пазітыў.

Аднак і вольніца тых, хто застаўся, адносная. Напрыклад, дырэктар Горкаўскага з 1983 году (найбольш з калегаў) – Эдуард Герасімовіч. Здавалася б, больш лаяльнага чалавека не знайсці. Аднак цяпер у яго з’явіўся намеснік у справе бяспекі, рэжыму і кадраў – Юрый Мечаслававіч Петрашэўскі. Чалавек з такімі ж імем, імем па бацьку і прозвішчам у 2018-м быў маёрам міліцыі, начальнікам крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маладзечанскага РАУС. Як кажуць, давярай, але правярай.

Змена кіраўніцтва па-свойму лагічная: улады мэтанакіравана зачышчаюць тэатр ад ранейшых кадраў. Але непазбежныя змены ідуць не толькі з “галавы”, але і з “хваста”: сёлета ў калектывы прыйшлі выпускнікі ВНУ, якія паступілі туды ў 2020-м, калі айчынны тэатр у пэўнай ступені пачынаў жыццё з чыстага аркуша. З такой жа праблемай абнулення мы ўжо сустракаліся ў дзевяностыя, калі сышлі ў нябыт тэатры-студыі, што ўзніклі за апошнія гады існавання СССР і стваралі альтэрнатыву стацыянарным тэатрам. Але профільная адукацыя яшчэ існавала ў параўнальна нядрэнным стане. Цягам нулявых і дзясятых яна паводле свайго ўзроўню ўсё больш адставала ад Захаду і Расіі.

Рэпрэсіі пасля 2020 году нанеслі ёй яшчэ адзін удар і прывялі да сыходу з прафесіі дзясяткаў педагогаў. Тым часам на тэатральны факультэт Акадэміі мастацтваў прыйшло новае кіраўніцтва. Уладзімір Мішчанчук, які быў дэканам з 1990-га, перайшоў на выкладчыцкую працу, а ягонае месца заняла Наталля Башава. Але ейны Камерны драматычны тэатр, створаны ў 2010-м, з таго часу ніяк сябе не праявіў, яго пастаноўкі ніводнага разу не траплялі ў беларускую праграму “ТэАрт” – самага прэстыжнага фестывалю дзясятых. Ноу-хау тэатральнага факультэту сталася аб'яднанне кафедраў акторскага майстэрства і рэжысуры, што нонсэнс для тэатральнай адукацыі. Кіраваць аб'яднанаю кафедраю прызначылі кансерватыўнага Рыгора Баравіка, далёкага ад тэатральных навацыяў. Між тым менавіта выхаваныя імі людзі будуць вызначаць аблічча будучага айчыннага тэатру.

У астатнім улады застаюцца вернымі сабе.

Абрываюцца сувязі з Еўропаю – зліквідавалі беларускае аддзяленне UNIMA – Міжнароднага звязу тэатраў лялек. У афішы гродзенскага фестывалю “Лялькі над Нёмнам” і брэсцкага фестывалю “Белая Вежа” – выключна краіны СНД (у апошнім выпадку выключэннем ёсць расійска-дацкі тэатр з Капенгагену, але ён выступае па-расійску).

Увага надаецца Другой сусветнай вайне. На сцэне дзяржаўнага Купалаўскага прайшоў другі фестываль “Перамога”, на якім паказваюць спектаклі на ваенную тэму. У Оперным ставяць праект “Патэтычны дзённік памяці” і г. д.

Сцэна са спектакля "Патэтычны дзённік памяці". Фота: bolshoibelarus.by

Галоўным партнёрам і крыніцаю натхнення застаецца Расія. Узровень звязанай з ёй прадукцыі розны. Часам да нас трапляюць праекты высокага ўзроўню. Напрыклад, у Мінск прыязджала з гастролямі Свярдлоўская музкамедыя – адзін з найлепшых музычных тэатраў у гэтай краіне. Або на форум “Лялькі над Нёмнам” прывозілі годныя пастаноўкі, накшталт “Авіятара” з Татарстану: лялька галоўнага героя зробленая з лёду і цягам сцэнічнай дзеі паступова растае ў руках актора.

Але адначасова ў Музычным вяртаюцца да мюзіклу “Блакітная камея”, што ўжо ішоў у рэпертуары. Ён паказвае гісторыю з расійскага пункту гледжання і робіць гераіняй імператрыцу Кацярыну ІІ, якая захапіла нашыя землі. А дырэктарка Тэатру юнага гледача Вера Палякова працягвае сваю русіфікатарскую палітыку і ставіць новыя спектаклі па-расійску (хоць да ейнага прыходу калектыў быў беларускамоўны). Калі мы ўжо згадалі гэты калектыў, то адзначым, што пад ейным кіраўніцтвам ТЮГ чым далей, тым больш ператвараецца ў антрэпрызны праект. Прыкладам сталася камедыя “36 і 6” у пастаноўцы аднаго з малавядомых расійскіх рэжысёраў. Зусім няясна, навошта тэатру для дзяцей танныя камедыі. Хіба для самой дырэктаркі, якая выконвае галоўную ролю.

Сцэна са спектакля "36 і 6". Фота: minsknews.by

Між тым беларуская драматургія застаецца на другім плане. У найлепшым выпадку тэатры звяртаюцца да правераных часам твораў мінулага (“Камедыі” Рудава, што паставілі ў Новым драматычным, “Брамы неўміручасці” Кандрата Крапівы, што запланавалі паставіць у Купалаўскім) або выкарыстоўваюць рэтра-тэмы (напрыклад, “Белыя росы” у Новым драматычным, створаныя на падставе сцэнара савецкага фільму). Калі гаворка заходзіць пра сучасных айчынных творцаў, дык шанец даюць аўтару некалькіх дзясяткаў расійскамоўных дэтэктываў Уладзе Альхоўскай. П’есы ж арыгінальных творцаў (напрыклад, Канстанціна Сцешыка) ставяцца за мяжой, але ніяк не на радзіме.

Эскіз сцэнаграфіі спектакля «Мароз» © Вольга Шаішмелашвілі / teatr-teatr.com

І за мяжою

Сітуацыя ў сферы эміграцыйнага тэатру выглядае дастаткова песімістычна. Асабліва гэта відаць у параўнанні з іншымі галінамі мастацтва. У літаратуры здаўна ўручаюцца прэміі Гедройця, Арсенневай, Анемпадыстава, дзеюць Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН. У кіно ўжо не першы год падводзяць вынікі прэміі “Чырвоны верас”, айчынныя праекты рэпрэзентуюцца на “Берлінале”, дзеіць Кінаакадэмія. У красавіку ў адным з варшаўскіх клубаў уручылі прэмію “Uwaga!” – першую беларускую музычную прэмію ў эміграцыі, і г. д. Дый наагул – хай сабе і з цяжкасцямі – выходзяць новыя кнігі, выпускаюцца трэкі, здымаюцца і паказваюцца фільмы.

Тэатральнае мастацтва прывязанае да канкрэтных пляцовак і патрабуе ўвагі гледачоў тут і цяпер, таму пачуваецца не найлепшым чынам. Напрыклад, Беларускі інстытут тэатру рэгулярна ладзіць цікавыя онлайн-дыскусіі, але юрыдычна ён на той жа стадыі, што і ўвосень 2023-га, калі прайшоў устаноўчы з’езд арганізацыі.

Вышэй мы адзначалі, што назіраем пачатак пятага сезону турбулентнасці. Што датычыць эмігранцкага тэатру, то гаворка пра чацвёрты сезон (у 2020/21 акторы яшчэ пераважна працавалі на радзіме). Першыя два з іх айчынныя творцы яшчэ імкнуліся дзеяць у фармаце калектываў з больш-менш рэгулярнай афішай. Сезон 2023/24 паказаў, што фінансава гэта немагчыма. Адныя калектывы спынілі існаванне (як Тэатр жніўня), іншыя канчаткова адмовіліся ад афішы і перайшлі да рэдкіх адзіночных выступаў. У цяперашніх фінансавых рэаліях відавочна, што такі фармат будзе запатрабаваны ўвесь перыяд існавання тэатральнай эміграцыі – да яе знікнення ці вяртання ў Беларусь. Іншы нават тэарэтычна немагчымы.

Аднак і ў новым фармаце ўзніклі свае цяжкасці. Эміграцыйны праектавы тэатр і раней залежаў ад вонкавага фінансавання. Напрыклад, у Польшчы з 2021-га шмат каго з творцаў падтрымлівала Міністэрства культуры: за тры гады амаль 200 рэзідэнтаў здолелі зрэалізаваць на розных польскіх пляцоўках новыя праекты. Шэраг з іх паказваліся ўсяго адзін раз, але праца над імі дапамагала творцам заставацца ў прафесіі. Але сёлета праграма засталася даступная толькі ўкраінцам. Ці змогуць на яе ў будучым разлічваць нашыя суайчыннікі, пакуль невядома.

Сцэна з праекта «З@mova»

Акрамя гэтай праблемы, узнікла яшчэ адна: тэатральнае абнуленне закранула і эміграцыю. “Экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызналі YouTube-канал, сацыяльныя сеткі і нават адрасы электроннай пошты незалежнай трупы “Купалаўцы”. Быў затрыманы і адбыў содні (а пасля быў вымушаны эміграваць) актор Дзмітрый Есяневіч, які заставаўся ў Беларусі, але браў удзел у праектах калектыву (дадамо, што рэпрэсіі ў ягоны адрас ставяць крыж на ўдзеле ў эмігранцкіх праектах актораў, якія засталіся ў краіне).

Якраз у гэты час “Купалаўцы” завялі новую старонку ў Facebook. YouTube-старонка праекту старая, але з відэа пастановак засталіся толькі “Камедыя Юдзіфі”, “Сфагнум” і “Дзяды”. Астатнія выдаленыя. Гэта наўрад ці можна лічыць супадзеннем. Прычына, хутчэй, у слушным жаданні не нашкодзіць Есяневічу і колішнім калегам, якія засталіся ў Беларусі. Але праз гэта назапашаны капітал у выглядзе FB-падпіснікаў абнуліўся, аўдыторыя непазбежна звузілася, большасць спектакляў, створаных цягам эміграцыйных гадоў, недаступная для прагляду. А значыцца, у нейкай ступені справу трэба пачынаць з пачатку.

Дадатковы сімвалізм можна знайсці ў смерці Георгія Маляўскага, які ў 2020-м пакінуў Купалаўскі. Гэта першы актор, які фізічна не дачакаўся вяртання на родную сцэну. Ягоны сыход прымушае задумацца, якою будзе трупа ў момант, калі вяртанне зробіцца магчымым.

Зрэшты, пераемнасць са справамі і праектамі папярэдніх эміграцыйных гадоў усё ж адчуваецца. У польскім Познані прайшоў фестываль “Другая спроба”, прысвечаны андэграўнднаму тэатральнаму руху беларускіх і ўкраінскіх імігранцкіх суполак. А ўвосень – узімку ў Варшаве ладзіцца ўжо другі фестываль Inex Fest. Арганізацыя такога форуму ініцыятывай Inexkult дзякуючы падтрыманню Міністэрства замежных справаў Польшчы выклікае захапленне. Але заяўленая колькасць спектакляў (восем) прымушае цвяроза і без ілюзіяў разумець ступень запатрабаванасці беларускага тэатральнага мастацтва за мяжою.

Аўтар: Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Popular posts from this blog

Кіно: Важная прэм'ера фільму Мары Тамковіч і барацьба за прысутнасць на кінамапе Еўропы

Традыцыйная культура: гарлячкі ўваходзяць у моду, а народныя спевы пашыраюць прысутнасць у актуальных рэлізах