Літаратура і кніжная справа: Альпійская балада пра дыктатара

Паўгоду, што мінулі з папярэдняга рэлізу, былі адзначаныя некаторымі зменамі ў канцэпцыі гэтага агляду. Часавы адцінак на два кварталы дазваляе крыху больш абагульнена зірнуць на сітуацыю з кнігамі, іх аўтарамі і выдаўцамі ў Беларусі і за яе межамі. Высновы аўтара гэтых радкоў могуць падацца камусьці выхадам па-за кампетэнцыяй аглядальніка літаратуры, але, магчыма, яно і да лепшага, дарагія мае чалавекі. “Палітычная жывёла” мы ці дзе?

Унутры: Лукашэнка як аўтар

Афіцыйная прапаганда, аправіўшыся ад стрэсу 2020 году, выпрацавала адпаведныя, на іхную думку, бягучай сітуацыі стыль і пафас, што адбілася ў тым ліку на літаратурным жыцці ў Беларусі. 11 чэрвеня падчас прэс-канферэнцыі з нагоды 90-годдзя Саюзу пісьменнікаў БССР згенеравалі пазітыўную навіну, датычную праўладнага літаратурнага пулу. Выглядае, у ім нарэшце развязалі сваю самую галоўную праблему. А менавіта ў жывой нязмушанай дыскусіі раптам знайшлі адпаведнік “Вайне і міру” ў новым беларускім кантэксце. Гаворка аб праекце збору твораў самога Аляксандра Лукашэнкі. Прапагандыст Валер Шумілаў прапанаваў ідэю, а кіраўніцтва Саюзу пісьменнікаў яе падтрымала.

Скрыншот з YouTube-трансляцыі прэс-канферэнцыі: «90 годоў Саюзу пісьменнікаў Беларусі»

Нагадаю, што сучасныя эпапеі ўзроўню талстоўскае “Вайны і міру” і шолахаўскае “Паднятае цаліны” – сацыяльная замова літаратарам, сфармуляваная Лукашэнкам у 2014 годзе. Ён папракнуў беларускіх аўтараў у ідэйным расколе, а лаяльнасць дзяржавы і фінансавае падтрыманне гарантаваў толькі ў абмен на вялікі – ува ўсіх сэнсах – твор.

І вось, выглядае, функцыянеры ад літаратуры нарэшце расшыфравалі прэзідэнцкі намёк і прынялі правільнае рашэнне. Геніяльнае і простае. І я амаль не іранізую.

Эпас “эпохі Лу” ўжо напісаны. Засталося яго фарматаваць і аформіць. Тэксты, аўтарызаваныя правадыром, – тое, што трэба. Праца над іх укладаннем і выданнем тэхнічна нескладаная і пры гэтым прыбытковая для індустрыі афіцыйных аўтараў, бо выліваецца ў салідны праект для засваення бюджэтных сродкаў. І апраўдвае факт існавання літаратурнай арцелі ў дзяржаўнай вертыкалі.

Ёсць сігналы, што кіраўніцтва Саюзу пісьменнікаў прыняло ідэю ўсур’ёз і здольнае падысці да выканання прафесійна. Дзейны старшыня Алесь Карлюкевіч назваў ідэю выдатнай і заявіў, што важна захаваць “дакладнасць цытатаў і крыніцаў”. А вось Мікалай Чаргінец задаў новаму літаратару высокую планку: "Аляксандр Рыгоравіч, шукайце тую асадку (...) і давайце, прашу, бярыцеся за кнігі — яны вельмі патрэбныя нашаму народу".

Па гэтых рэакцыях выразна прасочваецца змена вех у праўладным Саюзе. Ад пісьменнікаў старое фармацыі, якія мысляць літаратурным тэкстам толькі нешта створанае спецыяльна, ініцыятыва пакрысе пераходзіць да прафесіяналаў, якія разумеюць літаратуру згодна з глабальнымі трэндамі. Калі Святлана Алексіевіч атрымала літаратурнага нобэля за апрацаваныя інтэрв’ю сведкаў і ўдзельнікаў розных падзеяў, што яшчэ нядаўна лічылася рамяством журналіста, то чаму нельга выдаць прамовы ды інтэрв’ю Лукашэнкі за 30-гадовую гісторыю ягонай улады, пераасэнсаваўшы яго як пісьменніка?

На жаль, да канца верасня не з’явілася ніякай канкрэтыкі, ці рыхтуецца ўжо хоць бы першы том такога збору. Не агучылі і канцэпцыі, структуры і прыкладнага зместу выданняў. Зарганізуюць збор твораў храналагічна (традыцыйным чынам – не рэкамендуецца, бо давядзецца пачынаць з хаатычных у ідэйным плане 1990-х) ці паводле жанраў (наватарскі падыход, ужыты, напрыклад, на схіле дзён Алесем Разанавым і часткова Нілам Гілевічам, якія паспелі ўкласці аўтарскія зборы твораў пры жыцці)? Пытанняў нямала. Відавочна адно: ідэю агучылі ў межах негалоснай устаноўкі прапаганды пачынаць “мяккі” культ асобы Лукашэнкі. “Аблудная сціпласць” лідара канчаткова пераадоленая атачэннем.

Але калі падысці да выканання сумленна, то сумленна выкананая праца над фаліянтамі не будзе марная пры любых уладах, бо прыдасца палітолагам, гісторыкам ды іншым адмыслоўцам. Адным словам, плённае вам працы, шаноўныя калегі.

Яшчэ пару словаў пра канферэнцыю да 90-годдзя Саюзу пісьменнікаў. Яна нагадала пра канфлікт пераемнасці, які мае месца ў літаратараў Беларусі з 2005-га. Паводле ўсіх прыкметаў (архіў, бібліятэка, картатэка чальцоў) пераемнасць з заснаванай у 1934 годзе арганізацыяй Купалы і Коласа мае зліквідаваны 1 кастрычніка 2021-га незалежны Саюз пісьменнікаў. Але ўльтыматыўна заяўляе пра пераемнасць, як мы бачым, афіцыйны Саюз. Гэтак, можна канстатаваць спецыфічную ўнутрыбеларускую разнавіднасць культурнай апрапрыяцыі, калі надзеленыя ўладаю суб’екты прысабечваюць дасягненні паражаных у правах апанентаў.

Звонку: Harecki

Калі меркаваць са стужкі парталу bellit.info, на канец верасня новыя выданні размеркаваныя паміж выдавецкімі ініцыятывамі ўнутры і звонку прыкладна ў прапорцыі 1:1. Для параўнання, яшчэ год таму мы канстатавалі перавагу на карысць унутрыбеларускіх выдаўцоў як 2:1. Але такі парытэт, на жаль, быў дасягнуты не павелічэннем актыўнасці эмігранцкіх выдавецтваў, а зніжэннем магчымасцяў выдаўцоў унутры. Пры гэтым прапорцыя 1:1 дзеіць і ў Беларусі – такі сёння баланс кніг, выдадзеных дзяржаўнымі і незалежнымі выдаўцамі.

У папярэднім абзацы я, вядома, ацэньваю кнігі, якія ёсць феноменам літаратуры: выключаем са статыстыкі навучальныя дапаможнікі і працоўныя сшыткі з контурнымі мапамі. Затое залучаем навуковыя манаграфіі (працаўнікі НАН РБ) або мульты паводле дзіцячых вершаў (Андрэй Скурко).

Літаратурны працэс па-беларуску ўсё яшчэ вонкава непадзельны: за мяжою выдаюцца кнігі аўтараў, якія застаюцца ўнутры (так, зборнік паэзіі Наталлі Кучмель “Заталое” выдалі ў выдавецтве “Пфляўмбаўм”, зборнік паэзіі Аксаны Данільчык “Час знешняй адсутнасці” – у “Skarynapress”). Як вынік (паводле ацэнкі аўтара гэтага агляду) усплёску грамадскай актыўнасці ў дыяспарах, што адбыўся ў 2020 годзе, да літаратурнага поля прымыкаюць новыя гульцы. Шэраг беларускіх актывістаў за мяжой усё больш упэўнена рэалізуе сябе ў літаратурнай і кніжнай справе. Ініцыятывы Audiobooks.by (ЗША – Польшча) або згаданае лонданскае выдавецтва “Скарына” – ужо адносна даўнія прыклады. У верасні прыйшла навіна пра выхад англійскага перакладу раману Максіма Гарэцкага “Дзве душы” ў перакладзе Вольгай Яноўскай у беларускім выдавецтве Grunwald Publishing у Канадзе. (Цяжка сказаць, з чым звязанае азначэнне жанру кнігі як historical fiction, хіба што з нейкай унутрыамерыканскаю логікаю кніжнага рынку. На справе “Дзве душы” – сацыяльна-філасофскі раман пачатку ХХ стагоддзя, які па гарачых слядах асэнсоўваў пэўныя працэсы ў беларускім грамадстве. Але, як той казаў, абы на дабро.)

Зборнік паэзіі Наталлі Кучмель “Заталое”. Крыніца: Пфляўмбаўм / Pflaŭmbaŭm. Жаночае выдавецтва

У верасні ў Варшаве абвясцілі лаўрэатак паэтычнае прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2022 і 2023 гады, раскрылі імя лаўрэаткі прэміі за 2021-ы (дасюль ананімнае). У храналагічным парадку: Дар’я Бялькевіч, “Слёзы на вецер (“Янушкевіч”); Наста Кудасава, “Побач” (“Скарынічы”); Ганна Шакель, “Цела мігдалу” (“Вілма”). Адметна, што тут таксама нельга адрозніць кніг паводле месца выдання, а акумуляваны ў іх досвед – адназначна ўнутрыбеларускі.

Адразу дзве беларускі з Нарвегіі з кагорты літаратурных перакладніц і фасілітатарак беларускага літпрацэсу за мяжою (рэ)актуалізаваліся як аўтаркі. Выйшаў зборнік дакументальнае паэзіі Марыны Хоббель “(Не)магчымасць пісьма” (hochroth Minsk), Дар’я Шут выдала кнігу па-нарвежску аўтафікшн Frihetens pris: min far, jeg og diktatoren (“Цана свабоды: мой бацька, я і дыктатар”, Vigmostad & Bjørke, Осла), у якой расказвае пра свае 1990-я вачыма дачкі апазіцыйнага Лукашэнку палітыка. 

Кніга Марыны Хоббель «(Не)магчымасьць пісьма». Крыніца: https://reform.news/pra-kantrabandysta-svabody-i-salidarnasc-uzrushanyh-novyja-knigi-verasnja-litagljad

Шэсць месяцаў, якія ахоплівае гэты агляд, паказалі, што выдатныя праекты, створаныя цягам апошняга дзясятка гадоў у Беларусі, нібы той Цой, не памерлі, а проста выходзілі пакурыць. Гэтак, у жніўні – верасні Беларускі ПЭН аднавіў перакладніцкую майстэрню Андрэя Хадановіча. Ізноў пачаў працу праект wir.by. За тры летнія месяцы Марына Казлоўская і Дар’я Бялькевіч запісалі 12 відэакастаў з серыі “Спіс на лета”, якімі “Вір” працягвае сваю стратэгію анімацыі літаратурнай адукацыі. Заўважна, што названыя праекты моцна залежаць ад донарскага падтрымання, пра што сведчыць характар іх працы: непрацягла, але інтэнсіўна. Добра, што онлайн-кантэнт, як той вітамін D, здольны назапашвацца, пакуль свеціць сонейка, і можа сілкаваць спажыўца да маразоў.

Яшчэ адна ўмоўная рэінкарнацыя – беларусы зноў могуць падтрымаць рублём (або, хутчэй, іншаю валютаю) культурніцкія праекты для беларусаў. З’ява краўдфандынгу (да 2020 года ў нас былі Talaka, Ulej) аднавілася па-за байнэтам на партале з вельмі падобнаю зборнаю назваю “Гронка”. Ладная частка збораў – вядома ж, на кнігі або на літаратурныя мультымедыі.

Поле белліту мае выразныя абмежаванні не толькі ў Беларусі, але і па-за ёю. Звонку рост праяўляецца ў інтэнсіўнай стратэгіі: маем па два-тры ўраджаі з аднаго надзелу за сезон. Паэтка Юля Цімафеева выступіла як драматург з п’есай “Экстрэмісты”. Альгерд Бахарэвіч – як аўтар young adult раману “Капітан Лятучая Рыба”. Аўтары парталу “Літрадыё” Павал Анціпаў і Андрэй Дудко заснавалі дадатковае выдавецтва пры сваёй ініцыятыве, назваўшы яго “Лысы чэрап” (паводле расійскамоўнай мацернай ідыёмы). Выдавецтва анансаванае фактам выдання раману Канстанціна Сцешыка “Каждый охотник”, напісанага ў 2020–2022 гадах. Audiobooks.by перайшлі да выдання папяровых кніг у дадатак да сваіх чытанак голасам: пабачыў свет раман “Марсіянін” Эндзі Ўіра, апублікаваны ў 2014 годзе і экранізаваны сёлета. Перакладнікам пазначаны Тодар Сом. Інсцэнізаваныя “Зэкамерон” Максіма Знака (“Вольныя купалаўцы”) і “Па што ідзеш, воўча?” Святланы Курс (InexKult).

Знутры навонкі: культура адмены белліту?

У ліпені незалежны кніжны рынак працягнуў цярпець ад санкцыяў, накладзеных на афіцыйную Беларусь праз суўдзел у ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Выдавецтву “Янушкевіч”, зарэгістраванаму на сёння ў Польшчы, адмовілі ў правах на выданне 4-й і наступных кніг пра чараўніка Гары Потэра па-беларуску. У сеціве стварылі петыцыю да агенцтва Blair Partnership з просьбаю скасаваць такую пастанову. На канец верасня яе падпісалі больш за 1700 чалавек. Гэты выпадак, выглядае, не адзінкавы. Прынамсі, паводле ўскосных прыкметаў можна вылічыць, што кампанія Moomin Characters, што валодае брэндам мумі-троляў і да якой нядаўна перайшлі правы ў тым ліку на кнігі Тувэ Янсан, не дазваляе выдаўцу Змітру Коласу скончыць беларускае выданне серыі (пакуль у Мінску выйшлі 7 кніг з 9). Вядома і пра іншыя адмовы выдаўцам, якія не агучваюцца з меркаванняў прэстыжу.

Крыніца: https://www.change.org/p/grant-the-right-to-translate-and-publish-the-harry-potter-books-in-belarusian

Пры гэтым выдавецтва “Янушкевіч” трапіла ў траўні ў кароткі спіс Прэміі Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў (IPA) Prix Voltaire 2024, уручэнне якой адбудзецца ў снежні. А ў верасні Андрэй Янушкевіч і ягонае выдавецтва атрымалі International Freedom to Publish Award Асацыяцыі амерыканскіх выдаўцоў. Томас Вайлер атрымаў Прэмію Паўля Цэляна за пераклад бахарэвіцкіх “Сабакаў Еўропы”. Кнігі іншых заходніх аўтараў выходзяць па-беларуску без перашкодаў. З тых, на якія патрэбны патэнт: С. Кінг, Дж. Р. Толкін (“Янушкевіч”), ужо памянёны вышэй “Марсіянін” Э. Ўіра, Э. М. Рэмарк ды інш. Гэтак, можна меркаваць, што пастановы пра забарону – выключна індывідуальныя і звязаныя найперш з мінімізацыяй іміджавых рызык для тых ці іншых глабальных кампаніяў. На жаль, варта канстатаваць: беларуская сітуацыя з раздвоенасцю грамадскае супольнасці і культурнага поля спецыфічная, і гэтай дваістасці на сусветным узроўні мы дасюль не патлумачылі.

Унутры і звонку: Гамэр і Быкаў

Галоўная інфанагода беларускае прапаганды – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нацыстаў – у краіне наўпрост датычыла літаратуры. Напрыклад, цалкам у рэчышчы сучаснага грамадства спектаклю на Дні беларускага пісьменства ў Івацэвічах (1 верасня) прайшоў школьны конкурс майстэрства дэкламацыі “твораў пра вайну”. Падача гэтае важнае для прапаганды тэмы літаральна за пару гадоў змянілася: па-ранейшаму мае месца рэстаўрацыя савецкага наратыву пра наш гераічны подзвіг поплеч з расійцамі, але разам з тым у старую метадычку ўвялі новы, узаемавыключальны параграф пра “генацыд беларускага народу” падчас акупацыі 1941–1944 гадоў. Беларусы ў гэтай паспешліва выбудаванай перспектыве выступаюць адначасова як народ-герой і народ-ахвяра. Адзінае выйсце чалавека ў такім наратыве – не ўдаючыся ў дэталі, адпрацаваць нумар і забыць. Бо сур’ёзнае стаўленне і спроба асэнсаваць абноўленае пасланне ідэолагаў можа выклікаць разлад асобы і прымусіць задаваць пытанні, за якія гарантаваны турэмны тэрмін.

Некаторыя эксперты назвалі калялітаратурны афіцыйны наратыў культурнай апрапрыяцыяй уладамі памяці пра Васіля Быкава. Напэўна, гэты тэрмін сапраўды пасуе як найлепш. Яшчэ крытыкі асцярожна называюць гэта “рэабілітацыяй” Быкава, хоць выдатны пісьменнік нібыта ніколі не быў рэпрэсаваны. 100-гадовы юбілей класіка прайшоў больш як сціпла, калі казаць пра візуальны шэраг і падзеі. На афіцыйным узроўні гэты 100-гадовы юбілей Літаратара і Асобы прыкрылі безаблічным 80-годдзем вызвалення Беларусі. Незаўважна, фактычна цішком, у Коласаўскім тэатры ў Віцебску паставілі спектакль паводле “Сотнікава” (прэм’ера – 10 траўня). У РТБД у Мінску інсцэнізавалі “Альпійскую баладу” (прэм’ера – 6 траўня). Абышліся без забаронаў, але не атрымалі належнага асвятлення і акадэмічныя ды музейныя імпрэзы з нагоды юбілею Быкава. Жыхарам Віцебшчыны дазволілі правесці сціплую вечарыну ў Бычках, на радзіме пісьменніка. Травеньскі і чэрвеньскі нумары “Роднага слова” выйшлі без купюраў, змясціўшы пад маркаю 80-годдзя вызвалення метадычныя матэрыялы для выкладання творчасці Быкава ў школах. Што называецца, і на тым дзякуй.

У незалежнай прасторы адбыліся імпрэзы памяці Быкава на офлайнавых замежных і онлайн-пляцоўках. Тэматычнае выданне “Стагоддзе Быкава” ажыццявіла ў чэрвені pdf-газета “Літаратурная Беларусь”. У віленскім ЕГУ ў канцы верасня прайшла камерная міждысцыплінарная канферэнцыя “Франтавая лінія Васіля Быкава: паміж літаратурай і кіно”.
У цэлым, можна сказаць, што навекі жывы класік ХХ стагоддзя сустрэў свой 100-гадовы юбілей у рабочым парадку. Тон памятных імпрэзаў па абодва бакі беларускае мяжы / лініі фронту і блізка не стаіць з тым карнавалам, якім літаратурныя ініцыятывы панадзіліся адзначаць штовосень юбілей Уладзіміра Караткевіча. (Паглядзім, дарэчы, што падрыхтуюць беларусы Беларусі і свету налета, на 95-годдзе апошняга). Цалкам імаверна, розніца ўспрымання вынікае з характару асобы Быкава і пафасу ягонае творчасці. Але Быкава і Караткевіча лучыць адно: узровень размовы пра іхныя творы цалкам адмятае тэзу постмадэрністаў, маўляў, усё ўжо асэнсавана і засвоена сусветнаю культураю, і доля творцаў у ХХІ стагоддзі – паўтарэнне і тыражаванне. Належным чынам Быкаў і Караткевіч дасюль не асэнсаваныя і не засвоеныя. Гэтую прыемнасць беларусы яшчэ маюць наперадзе.

Безумоўна, падзеяй паўгоддзя можна назваць выхад “Іліяды” Гамэра ў беларускім перакладзе Лявона Баршчэўскага. Спярша кнігу выдалі па частках у краіне, у “Энцыклапедыксе”, а ў верасні ў “Полацкіх лабірынтах” пабачыў свет экспартны варыянт выдання. Трэба зазначыць, што высокакваліфікаваную, акадэмічнага ўзроўню працу ў гэтым выпадку ажыццяўляе інтэлектуал, якога астракізуе афіцыйны дыскурс. Ніводнага паведамлення пра выданне на афіцыйных рэсурсах мы не пабачылі. Магчыма, таму, што дата вызвалення Троі ахейцамі ад траянскіх жа захопнікаў сёлета някруглая.

Іліяда / Гамер. Крыніца: https://skarynapress.com/kniharnia/9788396562166/

На шчасце, паводле закону, беларускамоўнага Гамэра можна знайсці ў каталогах галоўных бібліятэк у краіне.

Ізноў унутры: Лукашэнка як гладыятар

Верасень на афіцыйным узроўні адзначыўся культывацыяй гістарычнае даты 17 верасня 1939 году пад соусам Дня народнага адзінства. У міфалогіі рэжыму пасля 2020-га гэты дзень – сімвалічнае ўз’яднанне “розных Беларусяў”, што пазіцыянуецца ўладамі як пераадоленне расколу ўжо сучаснага грамадства. У гэтай рыторыцы на ўсіх узроўнях адчуваецца фальш, бо на справе раскол акурат мацнее: не працягваюцца кантракты ў сферы культуры, звязаныя з літаратураю творцы трапляюць у турмы або змушаныя пакідаць краіну.

Менавіта ў гэты дзень апублічылі новы прадукт прапаганды – “Баладу пра дыктатара”. У парадку выключэння прааналізуем яго як літаратурную з’яву – хоць бы таму, што больш ніхто з калегаў не наважыцца або пагрэбуе гэта зрабіць. Найперш пералічым імёны стваральнікаў, названыя афіцыйнымі СМІ. Аўтар тэксту “Балады…” – расійскамоўны паэт з Малдовы Павел Дуганаў. Вядомы мацернымі творамі аўтар упершыню – з павагі да высокага жанру і апяванай асобы адрасата – не ўжыў у тэксце табуяванае лексікі. Аўтар музычнае кантаты на гэтыя словы – кампазітар Валерый Шмат, выканала кампазіцыю арт-група “Беларусы”. Відэашэраг падрыхтаваў більд-рэдактар газеты “Беларусь сегодня” Максім Шніп. Прадзюсавала цэлае, як выглядае, асабіста памочніца Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

У вершы, які лёг у аснову кантраверсійнай оды, ужыты даволі вядомы прыём падмены кодаў: панятак, шырока прызнаны негатыўным, спрабуюць пераасэнсаваць у пазітыўным сэнсе. Гучыць словазлучэнне “дыктатура справядлівасці і дабра”. “Дыктатар” у прыпеве рыфмуецца з “гладыятар”: з ім, уласна, і параўноўваюць А. Лукашэнку.

Хоць П. Дуганаў, як належыць сапраўднаму мужчыну, і звяртаецца тут у думках да рэаліяў Рымскай імперыі, але ці то не надта ў іх абазнаны, ці то здзяйсняе паэтычную дыверсію. Гладыятары былі рабамі, якіх прымушалі браць удзел у бязлітасных цыркавых шоу, дзе альтэрнатываю смерці ад іклаў дзікіх жывёлінаў ці мяча субрата было вызваленне ад рабства. Яго атрымлівалі адзінкі. А той гладыятар, якога мог мець за прататыпа паэт, уласна Спартак, быў паўстанцам (у сучаснай беларускай палітычнай рыторыцы – “пратэстуном”), які выступіў супраць легітымнай улады Рымскага сенату, кансалідаваў вакол сябе да 100 тысячаў змагароў і загінуў у бітве ў 71 годзе да нашай эры.

Пра што ўвогуле тады гэтая песня?

Адметна, што і ў “Баладзе…” заўважныя сляды культурнай апрапрыяцыі. У тэксце Беларусь – зямля, дзе тварылі Колас і Купала. Пры гэтым у канцы жніўня на раённым узроўні ў Барысаве верш Янкі Купалы “Хто ты гэткі” прызналі экстрэмісцкім.

Ці ў гэтым выпадку згадка Купалы – не апрапрыяцыя, а чарговая правакацыя? Наталля, калі вас трымаюць у закладніках, пры наступнай прамове трымайце ў руках па пляшцы “Масандры”.

У цэлым прадукты эйсмантаўскае прапаганды апошняга часу даюць уяўленне пра тое, які ўрок атрымаў рэжым па выніках 2020-га. Яны зразумелі, што ў папярэднія гады прэзідэнцкі пул моцна запусціў эстэтыку. Дакладней, на гэты аспект увагі наагул не звярталася, дызайнам праўладнага дыскурсу займаліся або спецыялісты-няўмекі, або “простыя людзі”: трактарысты, якія складалі сцірты саломы для “Дажынак”, буфетніцы на выбарчых участках, якія выкладалі контуры Беларусі рознымі гатункамі сала, бібліятэкары, настаўнікі, вахцёры дзяржаўных установаў… За апошнія гады – прыблізна з моманту запуску “Мэрча першага” – адчуваецца, што за справу ўзяліся прафесіяналы. Наталля Эйсмант робіць гэта асабіста або расійскія адмыслоўцы разжавалі беларускую спецыфіку і выпраўляюць свой незабыўны факап са слоганам “Ябацька” – цяжка сказаць. Але варта зазначыць: як бы адмыслоўцы ў PR’ы беларускае дыктатуры ні ўдасканальвалі візуальнага шэрагу і праўладнага сторытэлінгу, гэта запозненая захада.

Постмадэрнісцкія прыёмы, ужытыя ў “Баладзе пра дыктатара”, не сягаюць мэты. У 2020-м былі жорстка збітыя і паміралі людзі. Абараняючы чырвоныя і зялёныя стужкі, чатыры гады таму забілі Рамана Бандарэнку. У наступныя гады ў турмах памерлі адны палітвязні, а катаванні іншых працягваюцца і сёння. Усё гэта змясціла акцэнты з эстэтыкі на этыку.

Калі нешта і зможа ўнесці пазітыўныя канатацыі ў тэрмін “дыктатар” на гэтым этапе, то гэта вызваленне тысяч асобаў, арыштаваных з палітычных матываў, і апяванне гэтае падзеі хоць ямбам, хоць харэем, хоць у стылі хіп-хоп.

Гэта адзіны творчы прыём, які я магу параіць сёння праўладным літаратарам.

Аўтар: Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Popular posts from this blog

Тэатр: рэпрэсіі, турбулентнасць і абнуленне

Кіно: Важная прэм'ера фільму Мары Тамковіч і барацьба за прысутнасць на кінамапе Еўропы

Традыцыйная культура: гарлячкі ўваходзяць у моду, а народныя спевы пашыраюць прысутнасць у актуальных рэлізах