Музыка: Замаруджаны броўнаўскі рух, або Падрыхтоўка да падрыхтоўкі

Стос праблемаў беларускіх музыкаў застаецца неразвязаным, але актыўнасць асобных суполак, што дзеюць на гэтым полі, пакуль што стрыманая. Затое музыкі ў эміграцыі, прабыўшы дастатковы час на чужым полі, пакрысе яднаюцца з мясцовымі прафесіяналамі. Фестывалі за мяжою захоўваюць пазіцыі і паўтараюць гісторыю папярэдняга сезону, але арганізатары не могуць дамовіцца. Прастору ж у Беларусі займаюць дзяржаўныя ідэалагічныя імпрэзы і расійскія шоу, а кожны лапік альтэрнатыўнае музыкі выглядае цудам і робіцца звышкаштоўным. Пост-панк з беларускімі каранямі ўхваляецца Захадам, але трапляе пад каток беларускага крытыка. Ці ёсць у гэтым усім логіка? Давайце паглядзім.

Супраца з замежнікамі

Колькі ўдалых міжнародных калабарацыяў здарылася за апошнія паўгоду. Гурт “Союз” запісаў сінгл са шведскім музыкам Свэнам Вандэрам і спявачкай Ашай Путлі з Індыі. У песні Галі Чыкіс зайграў фінскі музыка Jaakko Eino Kalevi. У іншым фіце паядналіся артысткі з Падляшша, Беларусі і Анголы: Sw@da і Niczos, Анастасія Рыдлеўская (Anastasia Rydlevskaya) і Lua Preta стварылі разам трэк адразу на трох мовах. 

Крыніца: https://chikissecrets.bandcamp.com/track/dkn

Гісторыі супрацаў здараліся не толькі на полі рэлізаў. Palina напісала музыку для французска-мараканскага брэнду адзення Casablanca. Польскі Vogue апублікаваў артыкул пра беларускі хор Spievy і запрасіў дзяўчат выступіць на сваёй штогадовай імпрэзе. Брытанскі музычны часопіс The Wire напісаў пра Віктара Сямашку і ягоны праект Fantastic Swimmers. Віталь Алексяёнак, які з 2022 года працуе ў Нямецкай оперы на Рэйне, стаў яе галоўным дырыжорам на найбліжэйшыя тры сезоны. Суполка Create Culture Group зарганізавала музычную лабараторыю Perfaratar Music Lab, дзе сабрала разам 10 музыкаў з Беларусі і Літвы. Вынікі іх супольнай працы можна паглядзець у гэтым відэа.

Крыніца: https://createculture.studio/perfaratar

Амаль заўжды за гэтымі кейсамі стаяць музыкі ў эміграцыі. Гвалтоўна апынуўшыся на новым полі, праз час яны ўсё ж пачынаюць яго даследаваць.

Стрыманы рух на полі незакрытых патрэбаў

Супольнасці, якая стала рупілася б пра інтарэсы беларускае музыкі, усё яшчэ не існуе. Але асобныя каманды ўжо робяць пэўныя дзеянні на гэтым полі.

Актыўнасці суполкі Belarus Outside Sound System прасочваюцца ў двух кірунках. На сваім канале Belarus Music Export цягам паўгоду яны збіралі магчымасці для прадстаўнікоў музычнага руху Беларусі. Наколькі часта імі карыстаюцца, прасачыць пакуль складана, але каля 500 чалавек прынамсі сочаць за каналам.

Крыніца: https://t.me/BY_music_export

Улетку каманда зладзіла дабрачынную імпрэзу ў Варшаве, дзе збірала грошы для дзяцей палітычных вязняў. Сярод іншага на фэсце прайшоў першы выступ Анастасіі Рыдлеўскай, якая ўпэўнена рухаецца да сталага месца на беларускай музычнай мапе, і прэзентацыя праекту Wtbsk, для якога аб’ядналіся Света Бень і Сяргей Навіцкі.

Крыніца: https://www.instagram.com/wtbsk_

Выглядае, што на гэтых актыўнасцях Belarus Outside Sound System пакуль спыніліся, і, нягледзячы на пэўныя чаканні, новых планаў каманда не раскрывае.

Каманда канала “Клік” выйшла за межы выдання пра беларускую музыку і зняла кліп для Анастасіі Рыдлеўскай. Атрымалася кінематаграфічнае і эфектнае відэа, у здымках якога былі задзеяныя каля 50 чалавек. “Клік” плануе здымаць кліпы і для іншых артыстаў. Такое памкненне вырасла з назірання за сферай і разумення, што беларускія музыкі падчас не маюць ніводнага відэа. А без якаснага прома вельмі цяжка прасоўваць уласную творчасць на хоць якім рынку ці ў сацсетках. Кейс Рыдлеўскай можна залічыць за рух у бок пашырэння дзейнасці “Кліку”, але пакуль можна зафіксаваць хутчэй намер, чымся тэндэнцыю.

Музычнае жыццё ў Беларусі

Сёлетні фестывальны сезон у Беларусі шмат у чым пераняў леташнія трэнды і падыходы. Не адбылася Sprava, а Vulitsa Ezha ў сваёй музычнай частцы спынілася на кавер-бэндах. Фестывалі “Свята Сонца” і “Наш Грунвальд” у “Дудутках” сабралі лайн-ап з беларускіх музыкаў. Буйны і камерцыйны Viva Braslav традыцыйна сканцэтраваўся на расійскіх зорках і прыцягнуў вялізную колькасць наведнікаў: сёлета арганізатары не падалі дакладнай лічбы, але летась гаворка ішла пра 30 тысячаў чалавек. Жанрава падобных артыстаў тыя ж арганізатары ўжо другі раз збіраюць у Нясвіжы, на фестывалі Wostrau.

Крыніца: https://wostraufest.by/

Агулам жа новыя імпрэзы з поп-выканаўцамі пачалі расці як грыбы. Шэраг расійскіх музыкаў выступіў на фестывалі імя латарэі Belbet. Новы 4k fest запрасіў беларускіх артыстаў, але змяшаў адносна альтэрнатыўных Бакея, Крыўдзіна і Паўлючэнку з лаўрэатамі “Песні году Беларусі” і фіналістамі тэлешоу “Фактор бай”.

Хіба самая шумная новая імпрэза для Мінску – FestiWow на стадыёне “Дынама”. У лайн-апе – гурт «Три дня дождя», «Моя Мишель» i Guf. Выбар артыстаў лёгка кладзецца ў ясную логіку: саліст гурта «Три дня дождя», да прыкладу, адкрыта падтрымлівае вайну ва Украіне, а Guf здаўна слынны выступамі ў Крыме і Данбасе. Вынік: канцэрт у Мінску наведалі каля 15 тысяч чалавек.

Крыніца: https://festiwow.by

Яшчэ больш людзей – каля 20 тысяч – прыйшлі і прыехалі на фестываль “Солнцестояние” ў Пружанах. Тут выступалі старыя расійскія рокеры, якія, вядома, таксама падтрымліваюць вайну: Кіпелаў, Бабунец, Самойлаў і гэтак далей.

Зрэшты, выбар у Беларусі цяпер невялікі, бо побач можна згадаць “Славянскі базар”, які самым “душэўным” сваім канцэртам лічыць выступ артыстаў з “Шансон-ТВ”.

Калі разглядаць драбнейшыя, але больш альтэрнатыўныя івэнты, то тут поле крыху пашырылася: у Мінску наноў адкрыўся клуб “Рэактар”, які быў на паўзе з 2011-га. Пакуль там вечарамі граюць у асноўным беларускі ці расійскі мэтал, і тэхна – начамі. Традыцыйна больш разнастайнасці было ў пераадкрытым зімою “Бруге”, а таксама ў TNT, “Пралетарыяце” і Accidental Point.

Арганізаваць канцэрт у Беларусі – усё яшчэ складаны кўэст. Умовы атрымання гастрольных пасведчанняў можна прыкладна зразумець паводле формы заяўкі на выступ клубу “Рэактар”. Сярод іншага там адразу просяць падаць пералік песень сэту, а таксама поўныя імёны і даты народзінаў кожнага ўдзельніка гурта. Дазволы, як і забароны, выдаюцца хаатычна і несвоечасова. Атрымаць гастрольнае ўсё яшчэ можна толькі праз кагосьці з Рэестру арганізатараў, і тут сябрамі альтэрнатыўнага руху ўсё часцей робяцца філармоніі. Шматлікімі канцэртамі ў “Рэактары”, напрыклад, апякуецца брэсцкая філармонія, а фестываль 4kFest узяла на сябе філармонія ў Мінску.

Фестывалі і канцэрты за мяжою

Большасць беларускай музыкі сканцэнтраваная пераважна ў Польшчы і найперш – у Варшаве. Але правы на музычнае жыццё сёлета заявіў Беласток, дзе адкрылі канцэртную пляцоўку Białystok Music Club. Ім апякуецца аб’яднанне музыкаў, якое існуе ў горадзе другі год. Творцы вырашылі не спыняцца на супольнай студыі і арганізацыі канцэртаў у мясцовым пабе, з канца жніўня пачалі развіваць новую пляцоўку. Там ужо выступілі Naviband, Relikt і “Разбітае сэрца пацана”, і выглядае, што цяпер гэты клуб матывуе граць у Беластоку нават тых, хто раней пра гэта не думаў. Беларус з’яўляецца там, дзе ўжо ёсць іншы беларус.

Фестывальны сезон захаваў пазіцыі мінулага года, а галоўным гэдлайнерам сёлета стаўся гурт “Разбітае сэрца пацана”, які зайграў ледзь не на кожнай імпрэзе. Фэст Tutaka, што праходзіць на месцы былога “Басовішча”, перарос у трохдзённы фармат і займеў уласны цягнік з Беластоку. Кракаўскі Letucień, хоць і меў праблемы з фінансаваннем, сабраў добры лайн-ап і заматываваў прыехаць беларусаў з розных кутоў Польшчы. Варшаўскі клубны “Грай” зарганізаваў амаль класічную рок-сцэну і запрасіў маладых музыкаў для дзённай часткі. Здзівілі ў гэтым сезоне два ўжо сталыя варшаўскія фестывалі – Hučna Fest, і Varušniak, бо іх зладзілі ў адзін і той жа дзень. Каментары ў медыях сведчаць, што арганізатары Hučna Fest спрабавалі дамовіцца з другім фестывалем загадзя і паведамілі свае даты, а арганізатары “Варушняка” пастанавілі адштурхоўвацца ад іншых фактараў і вялікай праблемы ў двух фестывалях за адзін дзень не бачаць.

Падобныя рэчы здараюцца не ўпершыню. Да прыкладу, 1 чэрвеня ў Варшаве ладзілася адразу пяць беларускіх музычных імпрэзаў. Яны былі раскінулыя па ўсім горадзе, але збіваліся ў адзін часавы прамежак. Часта арганізатары не стасуюцца між сабой, а часам ігнаруюць івэнты калегаў і ствараюць канкурэнцыю там, дзе яе магло б не быць. Зразумець гэта яшчэ цяжэй, калі згадаць колькасць еўрапейскіх культурніцкіх падзеяў, што таксама займаюць увагу беларускай аўдыторыі. І хоць варшаўскай публікі можа хапіць на ўсіх, такія паводзіны арганізатараў падаюцца недальнабачнымі.

Пост-панк і яго беларускі крытык

Гурт “Молчат дома” прэзентаваў альбом “Белая полоса”, чым выклікаў гарачую дыскусію і падзяліў беларускую публіку на два бакі. Адныя захапляюцца новым рэлізам і развіццём гуку музыкаў. Іншыя мяркуюць, ш hiто ў ім зашмат запазычванняў, а гэта зніжае мастацкую вартасць. Зрэшты, меркаванні гэтыя гучалі хіба толькі ў каментарах у сацыяльных сетках. Буйныя беларускія медыі засталіся да навіны абыякавымі: Onliner, напрыклад, навіну праігнараваў, а на “Зеркале” рэліз згадалі толькі ў падборы навінак за верасень у раздзеле “Падвал”. Замежныя медыі паставіліся да “Молчат дома” з большай увагай: пра альбом напісалі ў Associated Press, Pitchfork, Financial Times ды іншых выданнях.

Крыніца: https://images.app.goo.gl/YcHjmKgz57YZoCjV8

Незалежна ад пазітыўных рэакцыяў ці крытычных выказванняў публікі, справы ў каманды ідуць добра. Іх паказнікі толькі на Spotify дасягаюць 3,1 млн слухачоў за месяц (гурты Foals і The Chemical Brothers маюць параўнальныя рэйтынгі). У кастрычніку гурт выправіўся ў вялікі еўрапейскі тур. На канцэрт у Варшаве квіткі разышліся за 2 месяцы да выступу. Дасюль “Молчат дома” выступалі ў Кітай. Падобную геаграфію гастроляў мае таксама гурт Nurnberg: увесну яны зайгралі ў сямі гарадах Кітаю, а цяпер ездзяць з канцэртамі па Еўропе.

Спробы рэйтынгаў

Апошнія некалькі гадоў адзінымі “рэйтынгамі”, куды маглі трапіць беларускія артысты, былі хіба што спісы “Найлепшыя альбомы году” паводле версіі пэўнага выдання, крытыка ці слухача. Сёлета мы зазначылі некалькі спробаў гэтую сітуацыю разварушыць, але ўсе яны засталіся бачныя скрайне вузкаму колу людзей.

“Новая Беларусь” запусціла галасаванне за найлепшы саўндтрэк лета 2024. Галасаваць можна было цягам 5 дзён, і перамагла песня “Мама” гурта Naviband. Цяжка сказаць, ці паводле гэтага рэйтынгу можна сапраўды замераць інтарэс слухачоў, бо няясна, колькі карыстальнікаў прылады прагаласавала. Але і мэты апытаць як мага больш людзей тут не было.

Крыху інакшай была гісторыя прэміі Uwaga!, якую пазіцыянавалі як першую музычную ўзнагароду эміграцыі. Яна з’явілася з ініцыятывы двух чалавек – былога дырэктара мінскага клубу “Графіці” Аляксея Ажогіна і радыёвядоўцы Марыны Савіцкай. Мэтаю сталася падтрыманне музыкаў і “пачуццё дому”, што, відаць, і абумовіла далейшыя складнікі. Каб нікога не абмінуць увагай, увялі 11 намінацыяў. Першыя месцы за альбом і песню году забраў Leibonik, а найлепшаю падзеяй прызналі фестываль “Варушняк”. Былі і даволі нечаканыя выбары. Намінацыі “Гурт году” і “Выканаўца году” развялі, і апошнюю падзялілі між сабой Аляксандр Памідораў і Ketevan. Клубам году прызналі “Сцэну Хмельну” – на той момант пляцоўка была фактычна адзіным беларускім музычным клубам, а змагаліся за званне побач з ёю Беларускі маладзевы хаб і Беларускі дом у Варшаве. Агулам жа тут самае сумнае, што падзея не прыцягнула ўвагі нават залучаных у музычнае жыццё асобаў. На ўручэнні прэміі прысутнічалі каля 50 чалавек. Не дайшла нават частка тых, хто мусіў атрымаць узнагароду. Ніхто не паспрачаўся ў сацыяльных сетках і не пакінуў ні ўсцешанага водгуку, ні расчараванага допісу.

Падчас цырымоніі ўручэння прэміі Uwaga!. Крыніца: https://reform.news/u-varshave-adbylosja-ruchjenne-pershaj-belaruskaj-muzychnaj-prjemii-jemigracyi-uwaga-fotafakt

Так ці інакш, фіксацыя падзеяў, меркаванняў і хоць які рух па-за рэлізамі мусілі б існаваць, і думкі ў гэтым кірунку цешаць, але форма пакуль відавочна не працуе.

Аўтар: Аналітычная група Беларускай Рады культуры

Popular posts from this blog

Тэатр: рэпрэсіі, турбулентнасць і абнуленне

Кіно: Важная прэм'ера фільму Мары Тамковіч і барацьба за прысутнасць на кінамапе Еўропы

Традыцыйная культура: гарлячкі ўваходзяць у моду, а народныя спевы пашыраюць прысутнасць у актуальных рэлізах